ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ФРАНЦУ́ЗСКІ МАСІ́Ў, Цэнтральны масіў (Massif Central),

горны масіў у цэнтры і на Пд Францыі. Базальтавыя плато і цокальныя пласкагор’і, над якімі ўзвышаюцца конусы стараж. патухлых вулканаў. Выш. да 1886 м (г. Пюі-дэ-Сансі). На Пд карставае плато Кос, на ПдУ горы Севены, на Пн і ПнЗ пласкагор’і Марван, Лімузен, Мільваш і інш.

Адзін з найбуйн. стараж. масіваў, уваходзіць у склад Заходне-Еўрапейскай маладой платформы. Фарміраваўся пад уплывам шматлікіх праяўленняў складкавасці, магматызму і метамарфізму. Паўн. ч. (Авернскае ядро) складзена з крышт. сланцаў, змятых у складкі ў дакембрыі, пранізаных гранітнымі інтрузіямі. Кансалідаваны ў каменнавугальны перыяд. У кайназойскую эру ў выніку агульнага падняцця раскалоўся на шматлікія глыбы, стаў арэнай інтэнсіўнага вулканізму. Радовішчы уранавых руд, каменных вуглёў, буд. матэрыялаў і інш. Клімат умераны, акіянічнага тыпу. Лета халаднаватае (сярэдняя т-ра ліп. 11—16 °C), зімой маразы і снегапады чаргуюцца з адлігамі (сярэдняя т-ра студз. 0 °C). Ападкаў на наветраных схілах выпадае 1200—1500 мм за год, у катлавінах — 500—700 мм. У Ц.ф.м. бяруць пачатак шматлікія рэкі Францыі (Луара, правыя прытокі Гароны, Роны і інш.). Да выш. 1000—1200 м шыракалістыя (дуб, бук, каштан) і хвойныя лясы, да 1400 м — піхтавыя лясы, якія вышэй змяняюцца хмызнякамі і альпійскімі лугамі. Лясы амаль зведзены, укрываюць 10—15% плошчы, чаргуюцца з с.-г. ўгоддзямі і лугамі. На плато Кос стэпавыя лугі, на паўд. і паўд.-ўсх. схілах зараснікі хмызняку тыпу гарыга. Мінер. крыніцы, курорты (Вішы, Мон-Дор і інш.).

т. 17, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)